Моя история

ВАЙНА Ў ЛЁСАХ МАІХ БЛІЗКІХ


Злева направа : мой прадзед Шашута Кірыл Ціханавіч  з дачкой Валей (памерла малая) і жонкай, маёй прабабуляй Шашута ( Жогло) Палінай Ігнацьеўнай.

Нарадзілася мая  прабабуля ў Беларусі, ў  вёске каля Лельчыц .  З самага маленства  зведала цяжкую сялянскую працу. Потым, стаўшы дарослай, уступіла ў шлюб з  Шашута Кірылам(маім прадзедам). Жылі яны ў Лельчыцах , нарадзіліся дзеткі, але і  бед  давялося перажыць нямала.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, то прадзеда Кірыла забралі ў войска. Але на перадавой ён быў нядоўга, бо ў яго было слабае здароўе. Так ён трапіў служыць пры штабе. Але праз некоры час  іх армія трапіла ў акружэнне, і штаб таксама. Воіны, хто як мог, выбіраліся да сваіх , і мой прадзед  таксама. Ішлі лясамі, балотамі, былі галодныя і халодныя. Ад цяжкай дарогі ў прадзеда Кірыла пачалі крэпка хварэць ногі. Але ён ўсё ж дайшоў да сваіх. Ваенкамат яго камісаваў з-за хваробы ног, і ён вярнуўся да сям’і. Радасці было і жонцы , і дзецям.

Бяда прйшла адкуль не чакалі. Падлячыўшыся, прадзед  уладкаваўся на працу кассірам-бухгалтарам, бо быў граматны. Але ў 1946 годзе здарылася бяда. Калі ён нёс заробак рабочым,  яго абрабавалі. Адказваць давялося яму : ён атрымаў 17 гадоў лагераў . Мая прабабуля Поля засталася адна з дзецьмі: Валодзем  і Томай. Было ў яе з прадзедам яшчэ дзве дзяўчынкі, але яны памерлі.  Цяжка было прабабулі : муж асуджаны, дзеці малыя, а работу знайсці не магла. Была проста падзёншчыцай.

У 1953 годзе пасля смерці Сталіна была аб’яўлена амністыя для некаторых катэгорый асуджаных. І мой прадзед  Кірыл трапіў  пад гэту амністыю. Колкі было радасці сям’і, бо бацька быў зноў дома. Праўда з Лельчыц сям’я вырашыла з’ехаць,бо на асуджаных глядзелі  коса. Вось так яны апынуліся ў Жодзіна.  І мой прадзед Кірыл , і прабабуля Поля ўладкаваліся працаваць на завод “ Дармаш” , цяпер гэта “ БелАЗ”. Праз некаторы час  атрымалі  кватэру, жыць стала лягчэй.


Зправа налева : мой прапрадзед Жогла Ігнат, побач  яго сын Жогла Рыгор Ігнатавіч(нагу згубіў на ВАВ) з жонкай Настассей.

Жогло Рыгор быў яшчэ зусім юнак, калі ён пайшоў на фронт. Ваяваў смела, не хаваўся за спіны. Таму там, на вайне страціў нагу. Яго камісавалі, і прыйшоў Рыгор у родную вёску калекам , але трэба было жыць далей.  У хуткім часе  ён пакахаў  дзяўчыну Настассю , і яны пажаніліся. Нарадзіліся ў іх сынок Пятро і дачушка Хрысціна. Рыгор, нягледзячы на калецтва , быў руплівы і працавіты. Зрабілі яму такі-сякі пратэз, і Рыгор ніколі не сядзеў на месцы, бо працы заўжды хапала. Вырасцілі разам з жонкай дзетак, паглядзелі на ўнукаў. Пражылі Рыгор з Настассей добрае жыццё і пакінулі пасля сябе добрую памяць.


Жогла Аляксей Ігнатавіч, сын Жогло Ігната ( працаваў ў ворганах дзяржбяспекі, ваяваў з бандэраўцамі).

Брату Рыгора і Паліны Аляксею таксама давялося  паваяваць. Але вайна ў яго была крышачку “ іншая” , хоць і не менш небяспечная.  Служыў Аляксей перад вайной ў органах дзяржбяспекі. І калі пад час вайны на Украіне пачалі дзейнічаць бандэраўцы, то Аляксея паслалі на барацьбу з гэтымі бандытамі. Рызыкаваць жыццём давялося не аднойчы , але Аляксей быў не з баязлівых. Колькі гора і слёз пакідалі пасля сябе бандэраўцы , дзейнічалі яны як тыя фашысты.  Не шкадавалі ні старога, ні малога.  Гледзячы на гэтыя жудасныя расправы, хацелася Аляксею хутчэй дабіць  гэтых бандытаў, каб жыхары змаглі зноў жыць спакойна і мірна.   У Аляксея і яго таварышаў менавіта там была передавая. Лёс пашкадаваў яго, ён не загінуў у гэтай барацьбе , і нават пакахаў прыгожую дзяўчыну-“ хахлушачку  Ніну”. Сям’я ў іх атрымалася вельмі добрая . Шэсць дзетак нарадзілася ў Аляксея і Ніны. І ўсіх змаглі вырасціць , паставіць на ногі , дапамагчы вывучыцца.  Ціха і спакойна дажывалі Аляксей з Нінаю сваю старасць. Часта гаманілі, успаміналі мінулае,  а ўспамінаць было што…

Вось так цяжка, разам з горам і бядой жылі мае родныя ў тыя часы  І я вельмі шчаслівая, што цяпер у нас у краіне мір, што мы можам вучыцца, што дактары заўсёды гатовыя дапамагчы, калі захварэеш.  Але ўсё ж нельга забываць і пра тое , што было. Гэта робіць нас больш  удзячнымі за ўсё тое добрае, што мы цяпер маем.